611b36b6     

Булгаков Михаил - Майстар I Маргарыта (На Белорусском Языке)



Мiхаiл Булгакаў
Майстар i Маргарыта
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
Дык хто ж ты?
- Частка сiлы той лiхой,
Дабро ўтвараецца з якой.
Гётэ. "Фаўст"
Раздзел 1
НIКОЛI НЕ РАЗМАЎЛЯЙЦЕ З НЕВЯДОМЫМI
Аднойчы вясною, у надзвычай душны адвячорак, на Патрыярхавых сажалках у
Маскве з'явiлiся двое. Першы, у шэранькiм летнiм гарнiтуры, быў маленькi
ростам, сыты, лысы, свой прыстойны на выгляд капялюш-булачку нёс у руцэ, а на
чыста выгаленым твары меў велiзарныя акуляры ў рагавой аправе. Другi -
плячысты, рыжаваты, вiхрасты малады чалавек у клятчастай шапачцы, ссунутай на
патылiцу, - быў у каўбойцы, пакамечаных белых штанах i ў чорных тапачках.
Першы быў сам Мiхаiл Аляксандравiч Берлiёз, старшыня праўлення адной з
буйнейшых маскоўскiх лiтаратурных асацыяцый, якая скарочана называлася
МАССАЛIТ, i рэдактар тоўстага мастацкага часопiса, а малады яго спадарожнiк -
паэт Iван Мiкалаевiч Паныроў, якi падпiсваўся псеўданiмам Бяздомны.
Як толькi апынулiся ў цянi ледзь зазелянелых лiп, пiсьменнiкi найперш
кiнулiся да страката размаляванай будачкi з надпiсам: "Пiва i воды".
Тут варта адзначыць першую незвычайную акалiчнасць гэтага страшнага
травеньскага вечара. Не толькi ля будачкi, але i ва ўсiх прысадах уздоўж Малой
Броннай вулiцы не аказалася нiводнага чалавека. У той час, калi, здаецца, не
ставала сiлы нават i дыхаць, калi сонца, пасля таго як напякло Маскву, падала
кудысьцi за Садовае кальцо, - нiхто не прыйшоў пад лiпы, нiхто не сеў на
лавачку, пуста было пад прысадамi.
- Дайце нарзану, - папрасiў Берлiёз.
- Няма нарзану, - адказала жанчына ў будачцы i чамусьцi пакрыўдзiлася.
- Пiва ёсць? - сiпла спытаў Бяздомны.
- Пiва прывязуць вечарам, - адказала жанчына.
- А што ёсць? - дапытваўся Берлiёз.
- Абрыкосавая, але цёплая, - сказала жанчына.
- Ну, давайце, давайце, давайце!..
Абрыкосавая пагнала шчодрую жоўтую пену, i ў паветры запахла цырульняй.
Пасля таго як выпiлi, лiтаратары пачалi адразу ж iкаць, разлiчылiся i селi на
лаўцы тварам да сажалкi i плячыма да Броннай.
Тут адбылося другое незвычайнае здарэнне, якое датычыла толькi аднаго
Берлiёза. Ён раптоўна перастаў iкаць, яго сэрца страпянулася i на iмгненне
кудысьцi правалiлася, потым вярнулася на сваё месца, але з тупою iголкаю, якая
ўкалолася ў яго. Акрамя ўсяго, Берлiёза апанаваў незразумелы, але вялiкi
страх, яму раптам захацелася бягом уцячы з Патрыярхавых сажалак без аглядкi.
Берлiёз сумна азiрнуўся, не разумеючы, што яго гэтак напалохала. Ён пабялеў,
выцер лоб хусцiнкай, падумаў: "Што гэта са мною робiцца? Такога раней не
было... сэрца падводзiць... я стамiўся. Вiдаць, трэба кiдаць усё к д'яблу i ў
Кiславодск..."
I тут спякотнае паветра згусцiлася перад iм, i з яго саткаўся празрысты
грамадзянiн, вельмi дзiўны на выгляд. На маленькай галоўцы жакейская шапачка,
клятчасты кароценькi i лёгенькi пiнжачок... Грамадзянiн быў ростам з сажань,
але вузкi ў плячах, надзвычай худы, а твар, вымушаны заўважыць, меў здзеклiвы.
Берлiёзава жыццё было такое, што да незвычайных з'яў ён не прывык, таму
яшчэ болей спалатнеў, вылупiў вочы i ў разгубленасцi падумаў: "Не можа гэтага
быць!.."
Але было, i рослы празрысты грамадзянiн, не кранаючыся зямлi, хiстаўся
перад iм i ўлева, i ўправа.
I гэтакi жах апанаваў Берлiёза, што ён аж заплюшчыў вочы. А калi
расплюшчыў, то зразумеў, што ўсё скончылася, мроiва прапала, клятчасты знiк, а
заадно i тупая iголка выскачыла з сэрца.
- Ну, д'ябал! - усклiкнуў рэдактар. - Ты ведаеш, Iван, у мяне ад спякоты
ледзь не ўдар быў! Нават галюцынацыi пача



Содержание раздела